У трэцюю гадавіну нападу Расіі на Украіну ў студыю Першага каналу Польскага радыё быў запрошаны пасол Украіны ў Польшчы Васіль Боднар. Пасаду кіраўніка ўкраінскай дыпламатычнай місіі ў Варшаве ён займае з кастрычніка мінулага года. У момант пачатку агрэсіі Васіль Боднар быў паслом Украіны ў Турцыі.
Тры гады таму Расія напала на Украіну. У той час вы былі ў Анкары. Калі ў вас былі большыя боязі за будучыню вашай краіны — тады, калі пачалася вайна, ці цяпер, калі ўсе задаюць пытанне, якое пагадненне будзе дасягнутае паміж ЗША і Расіяй?
— Тады быў страх. І мы, дыпламаты, пачалі дзейнічаць адразу пасля пачатку вайны. Першае, чаго нам удалося дасягнуць, гэта тое, што была ўведзеная забарона на праход расійскіх караблёў праз турэцкія пралівы. Тады страх прынёс канкрэтныя дзеянні і канкрэтную працу. Сёння мы не баімся, але сёння мы таксама працуем, каб спыніць перамовы за нашай спінай. Канешне, сёння таксама ёсць пэўныя боязі, але мы дыпламатычна працуем і абараняем сваю краіну на фронце. Такім чынам, з аднаго боку ў нас ваенны фронт супраць расійскіх захопнікаў, а з іншага — дыпламатычны фронт, на якім мы супрацоўнічаем з нашымі партнёрамі з ЗША і Еўрасаюза, каб не было дасягнутае нейкае пагадненна за нашай спінай. Адным словам, нічога пра Украіну без Украіны.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп кажа, што Украіна адказная за пачатак вайны і называе прэзідэнта Зяленскага «дыктатарам». Ці ў такім выпадку замест страху з’яўляецца злосць?
— Мы стараемся данесці амерыканскаму боку інфармацыю, што гэта не так, як яны думаюць. Мы стараемся ім данесці, што інфармацыя, якую яны атрымалі з нейкіх крыніц, не адпавядае рэчаіснасці, таму што Украіна — дэмакратычная дзяржава, а прэзідэнт Зяленскі гатовы правесці выбары, але іх праводзіць трэба ў адпаведных умовах, якія цяпер адсутнічаюць. Чаму гэтых умоў няма? Бо 20% нашай тэрыторыі знаходзіцца пад акупацыяй, 7 млн грамадзян Украіны — за мяжой, а 5 млн былі прымушаныя пакінуць свае дамы і пераехаць у іншыя рэгіёны краіны. У такіх умовах правядзенне выбараў немагчымае. Іншае пытанне: хто прыедзе на выбары ў якасці назіральнікаў, калі адсутнічаюць гарантыі бяспекі, а штодзень на Украіну падаюць бомбы?
Уладзімір Зяленскі на днях сказаў, што гатовы падаць у адстаўку пры ўмове, што ва Украіне будуць спыненыя ваенныя дзеянні і што дзяржава атрымае гарантыі членства ў НАТА. Ці гэтага чакаюць амерыканцы?
— І гэта найлепшы адказ ад прэзідэнта і доказ таго, што ён — не дыктатар і не трымаецца за прэзідэнцкае крэсла. І доказ таго, што ён гатовы на рознага роду вырашэнні, каб яго краіна развівалася, каб абараняць сваю радзіму.
Не, амерыканцы не высунулі ўмоў, што, маўляў, Зяленскі павінен пакінуць пасаду. Я хачу зазначыць, што ў нас — адзінства і ва ўладзе, і ў апазіцыі, калі гаворка ідзе пра правядзенне выбараў. Сёння гэта проста немагчыма, бо выбары — гэта палітычнае змаганне, а мы не можам дапусціць падзелу грамадства падчас вайны.
Якая асноўная ўмова таго, што вы згодзіцеся падпісаць мірнае пагадненне? Ці гэта членства ў НАТА?
— Асноўная ўмова — вывад расійскіх войск з акупаванай тэрыторыі. І тады мы можам сесці за стол перамоў і размаўляць пра іншыя ўмовы. Тут нічога новага няма — гэта ўмова, якая вядомая з пачатку вайны. Гэта наша галоўная пазіцыя ў перамовах, бо ў адваротным выпадку пачнуцца нейкія ўльтыматумы пра тое, каб пакінуць Расіі той ці іншы населены пункт альбо рэгіён.
Ці ў такім выпадку можна сказаць, што амерыканцы крыху разагналіся, як гэта гаворыцца, бо яны кажуць, што членства Украіны ў НАТА — не, вяртанне тэрыторыі — не…
— У гэтым і заключаюцца перамовы, што мы павінны дабіцца як мага больш. На дадзены момант членства ў НАТА — гэта галоўная гарантыя бяспекі Украіны. Іншых гарантый проста ўвогуле не існуе. Цяпер краіны Усходняй Еўропы, якія з’яўляюцца членамі НАТА, знаходзяцца ў больш бяспечнай сітуацыі, чым Украіна, якая трапіла ў шэрую зону бяспекі, што стварыла магчымасць Расіі на нас напасць. Актуальна ў такой зоне знаходзяцца краіны былога Савецкага Саюза, у якіх існуюць рознага роду праблемы, напрыклад, Грузія, Азербайджан, Малдова. У гэтых краінах адсутнічае ахоўны парасон, які ёсць, напрыклад, у Польшчы і Літвы. Мы не хочам, каб адбылося другое нападзенне, таму працуем над тым, каб раней ці пазней Украіна стала членам НАТА.
З’явіліся неафіцыйныя паведамленні, што ў бліжэйшыя дні можа з’явіцца інфармацыя пра пэўны пералом, датычны пачатку мірных перамоў. Ці вам нешта вядома на гэтую тэму?
— Мы над гэтым працуем. На першым месцы — пагадненне з ЗША, датычнае эксплуатацыі рэдказямельных карысных выкапняў. Актуальна — гэта асноўная тэма перамоў паміж ЗША і Украінай. Гэта першы крок да магчымых будучых мірных перамоў альбо спынення агню. Цяпер на дыпламатычным фронце мы змагаемся за тое, каб для нас умовы былі як мага выгадныя. Дарэчы, гэта прэзідэнт Зяленскі запрапанаваў у мінулым годзе ўдзел амерыканскіх кампаній у распрацоўцы рэдказямельных карысных выкапняў у рамках шырокага пакету па супрацоўніцтве.
З паслом Украіны ў Польшчы Васілём Боднарам размаўляў Караль Суруўка (Першы канал Польскага радыё)
апрацаваў вс
слухайце аўдыёфайл